Ахова лесу ад пажараў
Лясныя пажары справядліва лічацца ва ўсім свеце аднымi з буйнейшых па ахопе тэрыторый стыхійных бедстваў. Следствам пажараў з'яўляецца зніжэнне якаснага і пароднага складу ляснога фонду, экалагічных функцый лясоў, трансфармацыя тэрыторый, пакрытых лесам, а таксама частковая або поўная гібель насаджэнняў.
Штогод лясныя пажары, якiя адбываюцца ў ЗША, Турцыі, Грэцыі, ахопліваюць усё большыя i большыя тэрыторыі, пакрытыя лесам, а на барацьбу з імі прыцягваюцца велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы.
У сувязі з гэтым папярэджванне і тушэнне лясных пажараў з'яўляецца адной з найбольш актуальных задач, якія стаяць перад дзяржаўнай лясной аховай Рэспублікі Беларусь.
Часцей за ўсё лясныя пажары ўзнікаюць:
-
па віне людзей, якія пакідаюць непатушаныя вогнішчы ці недакуркі ў месцах адпачынку альбо правядзення работ;
-
з прычыны гульні дзяцей з агнём;
-
пры спальванні смецця ўладальнікамі дач і садовых участкаў на ўзлессі;
-
ад сельскагаспадарчых выпальванняў.
У рэдкіх выпадках вінаватыя натуральныя прычыны:
-
удар маланкі;
-
самазагаранне тарфяніку.
Што можа зрабіць кожны
Будзьце вельмі асцярожнымі з агнём у межах любой прыроднай тэрыторыі. Каб ваша бестурботнасць не стала прычынай ляснога пажару, строга выконвайце Правілы пажарнай бяспекі ў лясах.
У пажаранебяспечны сезон (пажаранебяспечны сезон — частка каляндарнага года, на працягу якой магчыма ўзнікненне ляснога пажару) забараняецца:
-
раскладаць вогнішчы ў хвойным несамкнёным дрэвастоі і маладняках 1-га класа ўзросту, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветравал і буралом), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой (дапускаецца раскладанне вогнішчаў, у тым ліку з выкарыстаннем прыстасаванняў — мангалаў, барбекю, грыля, газавых пліт і пад., на ўладкаваных пляцоўках, абрамленых мінералізаванай (ачышчанай да мінеральнага пласта глебы) паласой шырынёй не менш за 0,25 м, а таксама ў месцах, якія выключаюць пашкоджанне агнём крон, ствалоў і каранёвых лап растучых дрэў, акрамя забароненых участкаў; калі міне патрэба, вогнішча павінна быць патушана да поўнага спынення тлення);
-
пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння, тлення (падпаленыя запалкі, недакуркі і інш.);
-
выкарыстоўваць пры паляванні клакі з лёгкаўзгаральных або тлеючых матэрыялаў;
-
пакідаць прамасленыя або прасякнутыя ЛУВ і ГВ ці іншымі гаручымі рэчывамі матэрыялы (папера, тканіна, пакулле, вата і інш.);
-
запраўляць паліўныя бакі машын і механізмаў у неўстаноўленых месцах, а таксама пры працуючых рухавіках; выкарыстоўваць машыны з няспраўнасцямі, якія прыводзяць да выцякання ЛУВ і ГВ, а таксама паліць або карыстацца адкрытым агнём паблізу машын, якія запраўляюць гаручым;
-
незаконна выпальваць сухую траву на землях ляснога фонду;
-
захоўваць на супрацьпажарных разрывах і заслонах, мінералізаваных палосах і пад. лесапрадукцыю (драўніну і інш.).
Арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць авіяцыйныя работы па ахове лясоў ад пажараў, абавязаны своечасова перадаваць звесткі аб знойдзеных парушэннях дзеючых правіл і лясных пажарах юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, іншым арганізацыям і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Што рабіць пры лясным пажары
Грамадзяне, якiя знаходзяцца на тэрыторыі ляснога фонду, абавязаны выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лясах, а ў выпадках узнікнення ляснога пажару — забяспечваць абвестку дзяржаўнай лясной аховы і аказваць садзейнічанне ў яго тушэнні.
Пры наведванні ляснога фонду неабходна звяртаць увагу на інфармацыйныя аншлагі, на якіх указаны тэлефоны бліжэйшых лясніцтваў, лясгасаў. Пры адсутнасці інфармацыйных аншлагаў трэба звярнуцца ў службу выратавання 101, якая мае магчымасць аператыўна праінфармаваць органы Міністэрства лясной гаспадаркі. Пасля перадачы паведамлення пра лясны пажар пры невялікіх узгараннях ляснога фонду трэба прыняць магчымыя меры па прадухіленні распаўсюджвання агню і тушэнні пажару.